A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • літаратура

 


 

  АНДРЭЙ ДЫНЬКО

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Дынько
Мова вуліцаў і мова Плошчы

Як толькі міністар статыстыкі абвесьціў аб правядзеньні ў 2009 годзе чарговага перапісу насельніцтва, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) запатрабавала, каб у перапісныя лісты ня ўносілася пытаньне пра тое, якой мовай грамадзяне карыстаюцца ўдома, адно пытаньне пра родную мову. Як вядома, пытаньне пра хатнюю мову было новаўвядзеньнем перапісу 1999 году. Палкоўнік Замяталін, тагачасны куратар ідэалёгіі, такім чынам хацеў падвесьці грунт пад узяты Лукашэнкам курс на рэсаветызацыю. Аднак вынікі перапісу расчаравалі замоўцу: ва ўмовах свабоднага запаўненьня перапісных лістоў беларусы масава дэкляравалі вернасьць беларускай мове. Той вынік многія сацыёлягі інтэрпрэтавалі як сублімаваны пратэст. Відавочна, ТБМ баіцца, што лічба, атрыманая ў 2009 годзе, будзе меншаю, чым у 1999-м, і гэта выб’е зь ягоных рук аргумэнты ў змаганьні супраць далейшага ўзмацненьня русіфікацыі. Наколькі гэты непакой мае пад сабою грунт? Увогуле, як разьвіваецца моўная сытуацыя ў Беларусі? Вартых даверу сацыялягічных зьвестак няма, дый ня можа быць ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, калі больш важыць ня тое, на якой мове размаўляюць людзі, а тое, на якой мове яны хацелі б размаўляць. Супастаўляючы зьвесткі з розных сфэраў жыцьця, я імкнуўся зьвяртаць увагу на тое, што зьмянялася ў апошнія гады. Гэтыя перамены часам малазаўважныя, але, забягаючы наперад, адзначу, што даюць надзею камусьці такому беларускамоўнаму і заангажаванаму ў змаганьне за свабоду, як я.

КНІГАВЫДАНЬНЕ: ПРЫВАТНІК ЗАМЯНЯЕ ДЗЯРЖАВУ

За 2005 год у Беларусі выйшла 421 кніга на беларускай мове. Дзяржаўныя фабрыкі зь іх надрукавалі толькі 92 найменьні. Астатнія выйшлі ў прыватных друкарнях. Гэта выяўна кантрастуе з часам СССР, дый першымі гадамі незалежнасьці. У савецкі час выпуск беларускамоўнай прадукцыі цалкам кантраляваўся каляніяльнымі ўладамі. У першыя постсавецкія гады кнігавыданьне забясьпечвалася дзяржаўнай датацыяй. Тым часам як цяпер дзяржаўныя выдавецтвы саступаюць у колькасьці (і якасьці) выдадзеных найменьняў прыватным, сярод якіх вылучаюцца, напрыклад, «Беларускі кнігазбор» на чале з Генадзем Вінярскім, «Тэхналёгія» Зьмітра Санька й выдавецтва Ігара Логвінава. Такую колькасьць прыватных выданьняў можна вытлумачыць перадусім наяўнасьцю незадаволенага попыту.

АДУКАЦЫЯ: НАЗАД У СССР

1 верасьня, Дзень ведаў, дзень пачатку заняткаў актывісты моладзевых арганізацыяў адзначылі дзёрзкім пэрформансам. На плошчы імя Якуба Коласа, клясыка беларускай літаратуры, яны ўстанавілі шыбеніцу. Чалавек, апрануты ў чырвона-зялёную, колераў лукашэнкаўскага сьцяга, вопратку ката, павесіў на ёй падручнік, на адным баку якога было напісана «Беларуская мова», а на другім – «Гісторыя Беларусі, 10 кляса». Патрульныя міліцыянты прыбылі праз пару хвілінаў, якіх юнакам хапіла, каб растварыцца ў тлуме. Загадзя запрошаныя рэпартэры задакумэнтавалі чын і пашырылі інфармацыю пра яго праз СМІ. Такі быў пратэст супраць пераводу выкладаньня гісторыі Беларусі ў школах на расейскую мову.

Калі аналізаваць статыстычна, беларуская мова трымае пазыцыі някепска. На 2006 год 23,3 % школьнікаў хадзілі ў клясы зь беларускаю мовай навучаньня (на 1989 год – 22 %).

Істотна тое, што беларускай мове ўдалося адстаяць пэўныя сымбалічныя пазыцыі ў сталіцы. Калі на 1988 год там не было ніводнае клясы зь беларускай мовай навучаньня, на 2006 год маецца 4 цалкам беларускамоўныя гімназіі і яшчэ ў 43 школах – асобныя беларускамоўныя клясы. Да таго ж, утварылася і ўтрымліваецца невялічкая сетка нефармальных навучальных установаў. Найбольшую вядомасьць набыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Калі ў 2003 годзе ўлады паспрабавалі закрыць яго, настаўнікі, дзеці й іхныя бацькі аддалі перавагу пераходу да падпольнага навучаньня.

Ацэнка стану беларускамоўнай адукацыі залежыць ад оптыкі. У параўнаньні з 1993 годам, калі ў беларускамоўныя першыя клясы ішлі 76 % школьнікаў ад агульнай колькасьці, нават ад 1995 году, калі тая лічба складала 38 %, леташні 21 % не выклікае энтузіязму.

Аднак да 1988 году, стану савецкага часу, лукашэнкаўцам вярнуць сыстэму адукацыі ўсё яшчэ не ўдаецца. Тады ад навучаньня беларускай мове масава вызвалялі – цяпер гэтага няма. Тады ў расейскамоўных школах беларускую мову вывучалі з трэцяе клясы (9 гадоў), цяпер – зь першае (6 гадоў). Тады на ёй вывучалі толькі два прадметы – мову й літаратуру. Цяпер яшчэ й гісторыю й геаграфію, і толькі сёлета беларускамоўнае выкладаньне гісторыі скасоўваюць, што і выклікала студэнцкі пэрформанс з шыбеніцай і бурную крытыку з боку белмоўных СМІ, у тым ліку дзяржаўных: карэспандэнтка «Звязды» зьедліва запыталася ў чыноўніцы Міністэрства адукацыі, ці не зьбіраюцца перавесьці на расейскую мову таксама выкладаньне беларускай мовы й літаратуры. Цяжка ўявіць сабе нейкую іншую сфэру, дзе б дзяржаўная газэта дапусьціла такую адкрытую крытыку «дзяржаўнага курсу».

Калі лічба беларускамоўнага школьніцтва і беларускамоўнага кантэнту падручнікаў суцяшае, якасьць выклікае больш чым пытаньні.

«Большасьць беларускамоўных школаў працуюць у гуманітарным профілі, гэта паглыбленае вывучэньне моваў, гісторыі, грамадазнаўчых дысцыплінаў», – кажа Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы, іншай моваабарончай структуры. Міністэрства адукацыі працягвае знаходзіцца ў каляніяльных стэрэатыпах, упэўненае, што па-беларуску няможна якасна вывучаць фізыку, матэматыку ці хімію. «Міністэрства адукацыі любіць казыраць тым фактам, што амаль 62 % школаў у краіне – беларускамоўныя, – працягвае А. Лозка. – Але ня трэба забывацца, што ў асноўным гэта малыя школкі ў вёсках, якія паступова закрываюцца».

Пры гэтым у 2006 годзе 43,9 % (75 тысяч) выпускнікоў выбралі на цэнтралізаваным тэставаньні (уступныя іспыты) ва ўнівэрсытэт экзамэн па беларускай мове, а не па расейскай. Экзамэн (цэнтралізаваны тэст) з гісторыі Беларусі, на якім мову выбірае сам выпускнік-абітурыент, 83,3 % здавалі па-беларуску, а не па-расейску (тут і вышэй – зьвесткі Міністэрства адукацыі). Таварыства беларускай мовы настойвае, каб усе тэсты былі даступныя на абедзьвюх мовах.

ТБМ: ГРАМАДЗКІ ЛАБІСТ

ТБМ ператварылася ў найбольшага лабіста беларускае мовы. Арганізацыя, як паведаміў мне ейны старшыня, гісторык Алег Трусаў, мае 15 000 сяброў, зь якіх 5200 рэгулярна сплачваюць ахвяраваньні на дзейнасьць Таварыства, а 2500 дзейнічаюць як актывісты. Улады, спыніўшы дзейнасьць соцень структураў трэцяга сэктару, дагэтуль не рашыліся пазбавіцца ТБМ.

Палітычны ссыльны Павал Севярынец у сваім артыкуле ў «Нашай Ніве» расказаў, як ён лёгка адрадзіў і актывізаваў суполку Таварыства беларускай мовы ў Малым Сітне, куды яго выслалі на прымусовыя работы. На ягоную думку, «адраджэньня нацыянальных каштоўнасьцяў дасягнуць найпрасьцей, дэмакратычных – складаней, а хрысьціянскіх – найцяжэй».

НАВУКА: ПАГРОМ ГУМАНІТАРЫЯЎ

Сытуацыя ў сфэры адукацыі люстэркава адбіваецца ў гуманітарнай навуцы, якая таксама залежыць ад дзяржаўнага фінансаваньня і зьяўляецца аб’ектам пільнае ўвагі ўладаў. Фактычна разгромлены Скарынаўскі цэнтар, якому заўдзячваюцца многія навацыі ў гуманітарнай сфэры. Новыя кіраўнікі акадэмічных інстытутаў гісторыі, літаратуры і мовазнаўства, адпаведна Аляксандар Каваленя, Валеры Максімовіч і Аляксандар Лукашанец, распачалі хто рашучую чыстку кадраў, хто ператраску тэматыкі дасьледаваньняў, вяртаючы парадкі, уласьцівыя нават ня брэжнеўскім, а дабрэжнеўскім часам.

Асьпірантка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту А., што вярнулася да навуковае дзейнасьці летась пасьля шасьцігадовага дэкрэтнага адпачынку, расказала мне, што была шакаваная, калі на першай навуковай канфэрэнцыі, дзе ёй давялося выступаць пасьля вяртаньня, у Віцебскім унівэрсытэце, было ўсяго два даклады па-беларуску, абодва менскіх дасьледчыц, прытым што канфэрэнцыя мела філялягічны характар.

Ідэалягічныя і моўныя крытэры ў ацэнцы навуковых працаў ізноў сталі падмяняць навуковыя. Навуковыя кіраўнікі «ня раяць» абараняць дысэртацыю па-беларуску, калі яна не зь беларускай філялёгіі ці, рызыкоўна, гісторыі. Фактычна, у орган ідэалягічнага кантролю ператварылася Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК). У выніку адбыўся шэраг скандальных завалаў кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў зь яўнымі палітычнымі матывацыямі (напрыклад, доктарскай дысэртацыі Алеся Пашкевіча, дацэнта БДУ і старшыні незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, доктарскай дысэртацыі супрацоўніка Інстытуту гісторыі Яўгена Анішчанкі, прысьвечанай падзелам Рэчы Паспалітай і ролі Расеі ў гэтых падзелах). Зрэшты, найчасьцей навуковыя працы фільтруюцца яшчэ на этапе падрыхтоўкі.

Такая дзейнасьць кіраўніка ВАКу Анатоля Рубінава была высока адзначана найвышэйшым кіраўніцтвам краіны. Нягледзячы на свой пахілы век, ён з ВАКу ўзышоў на пасаду кіраўніка ўсёй ідэалягічнай вэртыкалі краіны, стаўшы намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Як расказаў мне акадэмік Аляксандар Вайтовіч, былы кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук і старшыня верхняй палаты парлямэнту, акадэмік Рубінаў – папросту сталініст у сваіх перакананьнях. Тым дзіўней чытаць, што нават гэты «ястраб» не адмаўляе вартасьцяў заходняй сыстэмы: «Западная сыстэма базуецца на прыватнай уласнасьці ў асноўных зьвёнах эканомікі і характарызуецца дэцэнтралізацыяй улады зь перадачай шмат якіх функцыяў і паўнамоцтваў рэгіянальным дзяржаўным і грамадзкім структурам, выбіраным грамадзтвам. У прынцыпе, гэтая сыстэма даказала сваю працаздольнасьць і эфэктыўнасьць... Аднак заходняя сыстэма будавалася стагодзьдзямі, яна патрабуе пэўных традыцыяў, выхаваньня, мэнталітэту, напрацоўкі шматлікіх грамадзкіх структураў і формаў іхнага ўзаемадзеяньня. То бок гэта ня проста ідэя ці ідэалёгія, гэта пэўны цывілізацыйны ўзровень, які не дасягаецца за адзін дзень ці нават два-тры дзесяцігодзьдзі» (Советская Белоруссия. 2006. 28 июля).

Трэба быць цынікам, каб, прызнаючы гэта, адмаўляць свайму народу ў сталасьці, у ягоным праве прымаць паўнамоцтвы, валодаць прыватнай уласнасьцю ў асноўных зьвёнах эканомікі і душыць тыя самыя «традыцыі» – нацыянальную мову ў тым ліку.

Сама маніякальнасьць, зь якой «ідэалягічнае» ведамства выціскае беларускую мову з навуковых дасьледаваньняў, вымушае задумацца пра ейны магутны вызваленчы патэнцыял.

МОВА КАСЬЦЁЛУ Й ДЫПКОРПУСУ

Беларуская мова выкарыстоўваецца ў шэрагу сфэраў, у якіх у савецкі час яна не функцыянавала, скажам, у палітыцы. Найбольш заўважная заваёва мовы – гэта Каталіцкі Касьцёл. Беларусізацыя за пятнаццаць гадоў распаўсюдзілася на амаль усе парафіі краіны, і гэты працэс, відаць, незваротны.

Цікава, што прынцыпова ўжывае беларускую мову шэраг замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў у Менску. Да гэтай моды асабліва спрычыніўся пасол ЗША Джордж Крол, які, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка дый нямецкага, расейскага ды польскага калегаў, якія працавалі ў Менску адначасова зь ім, вывучыў беларускую мову і ў публічных выступах выкарыстоўваў толькі яе, выклікаючы захапленьне СМІ і інтэлігенцыі.

СМІ: СЫХОД У ІНТЭРНЭТ

Найбольшы тыраж сярод беларускамоўных газэтаў па стане на 01.09.2006 мае ведамаснае выданьне «Настаўніцкая газета» (46 000 экзэмпляраў) і афіцыёзная, хоць і лібэральна-патрыятычная «Звязда» (38 000). Трэба адзначыць, што тыраж апошняй паволі зьніжаецца, пачынаючы ад апошняга году беларусізацыі, 1995-га, калі ён дасягаў 207 000, і яна мае мала чытачоў у гарадах.

Паколькі незалежная прэса практычна пазбаўленая магчымасьці распаўюджвацца пасьля забароны ўключаць яе ў падпісныя каталёгі і прадаваць праз кіёскі «Белсаюздруку», тыражы беларускамоўных газэтаў рэзка скараціліся («Рэгіянальная газета» – 6500, «Наша Ніва» – 2700, «Вольнае Глыбокае» – 2900 і г. д.) Затое колькасьць наведнікаў беларускамоўных інтэрнэт-сайтаў на працягу 2006 году няспынна ўзрастала. На верасень 2006 году месячная лічба ўнікальных наведнікаў сайту радыё «Свабода» перавышала 40 000, «Нашай Нівы» – 20 000.

Увядзеньне 75-працэнтавай квоты беларускай музыкі (2002–2004 гады) быццам бы ніяк фармальна не ўмацоўвала пазыцый беларускай мовы ў этэры, бо пад маркай беларускай музыкі пройдуць і жук і жаба, абы яны былі скляпаныя ў Беларусі, але на справе, праз агульную рэпэртуарную беднасьць, гэтая норма дала большы шанец беларускамоўнай песьні.

Самымі адчувальнымі абмежаваньнямі прасторы беларускай мовы за апошнія пяць гадоў сталі перавод навінаў БТ на расейскую і перадачы частотаў беларускамоўнага дзяржаўнага ФМ-радыё «Сталіца» расейскамоўнай станцыі.

Беларуская застаецца галоўнай мовай вяшчаньня Першага і Другога каналаў Беларускага радыё, самых слуханых у краіне, паводле зьвестак сацыялягічнай службы «Новак». Але яна амаль цалкам зьнікла з тэлебачаньня, дзе на ёй робяцца толькі асобныя праграмы і застаўкі. Ці трэба прыводзіць іншыя прыклады, каб канстатаваць, што беларускае грамадзтва застаецца нямым, бязвольным і падатлівым у дачыненьні да моўнай палітыкі ўладаў? Так, як настойлівая беларусізацыя пачатку 1990-х сутыкнулася толькі з асобнымі неарганізаванымі пратэстамі, пераважна, з асяродзьдзя нядаўна аселеных у Беларусі вайскоўцаў, эвакуяваных з Групы савецкіх войскаў у Германіі, так і агрэсіўная русіфікацыя лукашэнкаўскага пэрыяду выклікала не намнога больш значны супраціў у Менску (пераход Беларускага ліцэю ў падпольле, пэрыядычныя студэнцкія хваляваньні, акцыі моладзі «Хачу вучыцца па-беларуску»), Горадні (справа Агаты Мацко, выключэньне студэнта філфаку Гарадзенскага ўнівэрсытэту Яўгена Скрабутана за графіці «Спыніць русіфікацыю»), Горках (сям’я Каральковых шляхам адкрытых пратэстаў дамаглася спачатку хатняга навучаньня на беларускай мове для сваіх дзяцей, а тады й стварэньня белмоўных клясаў), Жодзіне (такі самы чын сям’і Лапіцкіх). Пратэсты найчасьцей набывалі культурны, а не палітычны характар і былі часткаю агульнага супраціву аўтарытарызму.

Большасьць настаўнікаў, бацькоў і актывістаў аддавалі перавагу не публічным пратэстам, а маўкліваму, паддывановаму адстойваньню беларускамоўнага выкладаньня. Яны, магчыма, справядліва меркавалі, што любы розгалас вядзе да падаўленьня іншадумства магутнай адміністрацыйнай машынай.

РОК-МУЗЫКА: БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ ІДАЛЫ

Процілеглую стратэгію дэманструюць культурныя героі нашага часу – рок-музыкі. Як і некаторыя пісьменьнікі й мастакі, яны не хаваюць сваёй пратэставай грамадзкай пазыцыі. Дэкляравана бунтарскія песьні рок-гуртоў «N.R.M.», «Zet», «Neuro Dubel» (панк-банда, якая ў 2003 годзе, ад часу стварэньня гіту «Я памру тут», заявіла, што пераходзіць выключна на беларускую мову, хоць у 1990-х тварыла пераважна па-расейску), сталі маніфэстамі маладога пакаленьня. Забарона на трансьляцыю песень двух дзясяткаў рок-гуртоў толькі дадала іхнаму вобразу прыцягальнасьці. Іхныя запісы капіююцца пірацкім спосабам дзясяткамі тысячаў асобнікаў, а Лявон Вольскі здольны ва ўмовах інфармацыйнага вакуўму зьбіраць шматтысячныя пляцоўкі.

Рокеры не сумеўшыся выступілі на Плошчы ў сакавіку-2006. І тыя выступы ўспрымаліся цяплей за выступы палітыкаў.

ПАЛІТЫКА: МОВА ССЫЛЬНЫХ

«А. Мілінкевіч без праблемаў пераходзіў з расейскае мовы на беларускую, у залежнасьці ад мовы, на якой было зададзенае пытаньне», – адзначыў апініятворчы тыднёвік дзелавых колаў «Белорусы и рынок» пасьля першага тэлевыступленьня кандыдатаў. Сапраўды, А. Мілінкевіч быў адзіным сярод прэтэндэнтаў, які ўжываў, і ахвотна, беларускую мову.

У астатнім беларуская мова на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году была непрысутная – і як мова, на якой бы гаварылі, і тым больш як мова, пра якую б гаварылі.

Ніхто з кандыдатаў, і Мілінкевіч не вынятак, не акцэнтаваў моўнае праблематыкі і не прапанаваў шляхоў зьмены статус-кво. Дэмакратычная кааліцыя, што зьяднала разнародныя сілы і адчайна імкнулася стварыць сабе новы імідж, палічыла за лепшае пакінуць гэтую складаную праблему ўбаку, надаючы больш увагі сацыяльна-эканамічным абяцаньням, што, як лічылася, могуць прывабіць выбарцаў з т. зв. балота, непрыхільных ні да Лукашэнкі, ні да апазыцыі. Шкада, што эфэктыўнасьць такой стратэгіі ня стала аб’ектам сацыялягічнага аналізу пасьля выбараў.

Цікава, што А. Лукашэнка таксама не сказаў па-беларуску ніводнае прамовы за час кампаніі, у адрозьненьне ад 2001 году, калі такія прамовы былі. Мусіць, паліттэхнолягі прэзыдэнта ў 2001-м бачылі магчымасьць дэзарыентаваць нацыянальна-дэмакратычны электарат, ня рады выбару ў якасьці адзінага кандыдата прафсаюзнага боса Ганчарыка, які ня ўмеў па-беларуску, а ў 2006 годзе ня бачылі шанцу пераўзысьці на нацыянальным полі А. Мілінкевіча.

Плошча ж гучала па-беларуску: беларуская мова была мовай трыбуны мітынгаў, моваю песень і вершаў зь мікрафона «Плошчы Каліноўскага», моваю бальшыні транспарантаў. І моваю сэрцаў многіх з тых 1200 чалавек, што прайшлі праз турмы. Доля тых, хто гаварыў па-беларуску на вуліцы Акрэсьціна, дзе месьціцца знакаміты ізалятар, намнога перавышала долю беларускамоўных на любой іншай вуліцы сталіцы.

ДЗЯРЖАЎНЫ ДЫСКУРС: ФІНАНСАВАЦЬ, КАБ КАНТРАЛЯВАЦЬ

Ва ўрадзе А. Лукашэнкі няма ніводнага беларускамоўнага чалавека. Беларускамоўнаму немагчыма трапіць у афіцэрскі корпус арміі й спэцслужбаў. Але ж у грамадзтве сытуацыя іншая, і беларуская мова як вартасьць нават мацнейшая, чым беларуская мова як сродак камунікацыі. Таму лукашэнкаўскі дыскурс мовы амбівалентны. Ён працягвае і кансэрвуе савецкі стэрэатып, які рабіў зь беларускай мовы нешта дадатковае, часовае, пераходнае, другаснае, непаўнавартае, нясамадастатковае, пераважна сымбалічнае, але, зь іншага боку, старажытнае, карэннае, народнае, фальклёрнае. У выніку за ёй прызнаецца права на існаваньне ў пэўнай грамадзкай і культурнай нішы, але адмаўляецца ў праве прэтэндаваць на паноўнае становішча ў дзяржаве, як беларускай культуры адмаўляецца ў статусе, роўным расейскай.

У выніку дзяржаўныя ўстановы дбаюць пра датрыманьне пэўнае долі культурнае прадукцыі на беларускай мове. Так, у 2006 годзе доля спэктакляў на беларускай мове ў рэпэртуары тэатраў склала 38 % (У. Рылатка, намесьнік міністра культуры, паводле «Інтэрфакс»), доля беларускамоўных кніг у агульным тыражы вагаецца ад 12 да 15 %.

Фінансаваць, каб кантраляваць. Гэты прынцып лукашэнкаўскія ўлады запазычылі з савецкага часу. Дзеля таго прызначаюцца грошы на літаратурныя часопісы на чале з стаўленікамі КДБ, якія мала хто чытае, грошы на акадэмічныя інстытуты на чале з стаўленікамі КДБ, зь якіх масава звальняюць прызнаных навукоўцаў, грошы на тэатры, якія выдаляюць з свайго рэпэртуару купалаўскіх «Тутэйшых». Сымулякры прафануюць культуру. І гіпэрсымулякр – адыёзная кадыфікацыя самой мовы, пачатая Сталіным у 1933 годзе, захаваньне якой так рупіць цяперашнім аўтарытарным уладам.

Яны хочуць, каб той кантроль быў татальны і над мовай. Апошнім памкненьнем А. Лукашэнкі было распрацаваць «новыя» правілы артаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы з адзінай мэтай – забараніць яшчэ жменю незалежных СМІ і культурных праектаў на той падставе, што яны карыстаюцца «іншым» правапісам. Гэты праект быў пацярпеў паразу ў 1998 і 2003 гадах, але на момант напісаньня гэтага эсэ падаецца пэўным, што з 2006 году на беларускай мове, у адрозьненьне ад расейскай, слова «прэзыдэнт» пачне пісацца зь вялікай літары. Лёгіка разьвіцьця падзеяў мае прывесьці да таго, што яшчэ за пару гадоў за напісаньне слова «прэзыдэнт» з малой літары карэктары і рэдактары будуць плаціць высылкай у аддаленыя раёны краіны.

І вось у такой сытуацыі, тым ня менш, моўныя нацыяналісты працягваюць сустракацца як у апазыцыйнай, так і ў лукашэнкаўскай эліце. Гэтак, прынцыпова па-беларуску публічна размаўляюць рэктар Унівэрсытэту культуры Ядвіга Грыгаровіч і дырэктар Дзяржаўнага эстраднага аркестру Міхаіл Фінберг. Паказальна, што Я. Грыгаровіч была прызначаная сэнатарам у верхнюю палату лукашэнкаўскага парлямэнту ў ягоным другім скліканьні, а М. Фінберг – у трэцім, так, нібыта беларускамоўны ў парлямэнце мусіць быць, але ня больш чым у адзіным экзэмпляры.

У моўным пытаньні, як і ў многіх іншых, што зьвязаныя з нацыянальнай ідэнтычнасьцю, лукашэнкаўцы апынаюцца ў двухсэнсоўным становішчы. З аднаго боку, грамадзкія чаканьні вымушаюць іх іграць ролю будаўнікоў дзяржавы, мудрых і прадбачлівых гаспадароў незалежнае краіны. Непамерныя апэтыты расейскага капіталу выклікаюць у іх непакой і жаданьне ўмацаваць абарончыя бар’еры, што ахоўваюць ад эканамічнай экспансіі Расеі, і адным з такіх бар’ераў ня можа ня быць нацыянальная ідэнтычнасьць і ўсё зь ёю зьвязанае, у тым ліку й мова. З другога боку, нацыянальныя пачуцьці зь іхнай сілай легітымацыі і ляялізацыі, зь іхнай моцнай іррацыянальнай складовай, палохаюць іх яшчэ мацней. Ня вернасьці нацыі хочацца ім ад грамадзянаў, а вернасьці прэзыдэнту, кіраўніку своеасаблівага холдынгу «фінансава-прамысловая група Рэспубліка Беларусь».

У выніку дзяржаўная палітыка аказваецца перапляценьнем супярэчлівых і часам нават узаемавыключальных захадаў і крокаў, нерашучых забаронаў і фіктыўнай падтрымкі, абяцанак-цацанак або, наадварот, пустых пагрозаў. Ад 2002 году з увядзеньнем т. зв. «дзяржаўнай ідэалёгіі» і стварэньнем «ідэалягічнай вэртыкалі», цесна пераплеценай з спэцслужбамі, улады зрабілі настойлівую спробу аднавіць усёахопную сыстэму індактрынацыі грамадзянаў і кантролю над імі, што існавала ў Савецкім Саюзе і пранізвала ўсё грамадзтва зьверху данізу. Аднак гэтыя памкненьні натыкаюцца на даволі глухую рэакцыю грамадзтва. «Ідэалягічныя ўстаноўкі» ўсмоктваюцца і прыжываюцца ў сілавых структурах, дух якіх мала зьмяніўся ад савецкага часу, але не ў прыватным бізнэсе, якому мала залежыць на захаваньні па-лукашэнкаўску зразуметай стабільнасьці. Вытворчыя адносіны і адносіны ўласнасьці такі зьмяніліся за апошнія 15 гадоў, і разам зь імі не магла не зьмяніцца масавая сьвядомасьць.

РЭКЛЯМА: ІДЭАЛ ПРЫГАЖОСЬЦІ

Менавіта стэрэатыпы масавай сьвядомасьці эксплюатуе рэкляма. Вось што мы маем у гэтай сфэры з мовай: беларускай мовай у сваёй рэкляме пасьлядоўна карыстаюцца некаторыя вытворцы, прычым, што адрозьнівае 2000-я ад пачатку 1990-х, яе ўжываюць ня толькі беларускія кампаніі, але і беларускія дылеры шэрагу сусьветных брэндаў: Samsung («Уяві ідэал прыгажосьці»), Renault («Для тых, хто заўсёды перамагае»), Gallina Blanca, Pepsi, польская Śnieżka ды іншыя. Паказальная тэндэнцыя: нават расейская кампанія МТС выбрала сабе беларускамоўны слоган «Прышпільны – мабільны».

Выкарыстаньне беларускай мовы для рэклямы тавараў, прызначаных для спажыўца з даходам, вышэйшым за сярэдні, і для моладзі найлепш ілюструе, як зьмяніўся імідж яе ў грамадзтве.

Ці ня гэтым тлумачыцца, што на 12-м годзе кіраваньня А. Лукашэнкі, які на самым пачатку свайго прэзыдэнцтва даў недвухсэнсоўную дырэктыву апарату сваёй заявай, што «на беларускай мове немагчыма выказаць нічога сапраўды вялікага. Гэта бедная мова. У сьвеце ёсьць толькі дзьве багатыя мовы – гэта ангельская і расейская», у 2006 годзе ў Менску 2,4 % школьнікаў упарта вучацца па-беларуску, тады як у 1988 годзе па-беларуску ў сталіцы намінальна беларускай дзяржавы не навучаўся ні адзін чалавек. І падпольны Беларускі ліцэй, і чыста лукашысцкая 23-я гімназія застаюцца прэстыжнымі сярод сталічнай эліты і налічваюць між сваіх навучэнцаў і выпускнікоў нямала дзяцей высокіх урадоўцаў, буйных бізнэсоўцаў і зь сем’яў артыстычнай эліты.

Беларуская мова – больш не вясковая мова, ня мова калгасу і праваднога радыё. Гэта мова моладзі, багемы, інтэлігенцыі, пратэсту, празаходняй арыентацыі, нонканфармізму, панку, выкліку. Яна застаецца мінарытарнай у жыцьці сярэдняга беларуса, яна працягвае абуджаць моцныя палітычныя пачуцьці.

Любыя параўнаньні кульгаюць, калі гаворка ідзе пра Беларусь, бо гэтая краіна знаходзіцца ў іншым гістарычным часе, у параўнаньні з сваімі блізкімі і далёкімі суседзямі. Беларускі нацыяналізм нарадзіўся позна, у 80–90-я гады ХІХ стагодзьдзя, пад скіпэтрам адсталае Расейскае імпэрыі. Грамадзянская супольнасьць Беларусі стала аб’ектам увагі і салідарнасьці сьвету толькі ў канцы 1990-х гадоў. Таму якія прагнозы?

КАТАЛЁНСКАЯ, УКРАІНСКАЯ ЦІ ІРЛЯНДЗКАЯ?

На пачатку 1990-х многія расейскамоўныя інтэлектуалы ўрочылі беларускай мове долю гэльскай. Маўляў, як і ірляндзкі, беларускі нацыяналізм будзе карыстацца мовай калянізатараў, а беларуская зьмярцьвее.

Беларускія нацыяналісты, з свайго боку, спадзяваліся на ажыцьцяўленьне ўкраінскага варыянту. Г. зн. актыўнае вяртаньне мовы ва ўжытак, меры падтрымкі на карысьць яе, пазытыўная дыскрымінацыя расейскае мовы, якія прывялі да таго, што 80 % школьнікаў ва Ўкраіне вучацца па-ўкраінску, украінская сталася мовай уплывовых СМІ й палітыкі. Гэтаму не судзілася збыцца, і сымбалічна роўна за месяц да Аранжавай, нацыянальнай рэвалюцыі над Дняпром А. Лукашэнка ў атмасфэры змрочнай прапаганды заручаецца на рэфэрэндуме правам балятавацца ў прэзыдэнты пажыцьцёва.

Аднак беларускім можа аказацца трэці шлях – каталёнскі. Працэнт жыхароў, якія актыўна карыстаюцца і пасіўна валодаюць каталёнскай, расьце ўвесь час пасьля падзеньня дыктатуры Франка. Дэмакратыя дала каталёнскай культуры магчымасьці свабоднага разьвіцьця, а рост узроўню сярэдняй і вышэйшай адукацыі стварыў інструмэнты для лепшага авалодваньня каталёнскай тымі, якія б хацелі на ёй размаўляць.

Пад лёдам плыні не відно. Толькі пасьля падзеньня дыктатуры можна будзе ацаніць, наколькі ўмацавалася ці наадварот аслабела беларуская нацыянальная сьвядомасьць за часоў Лукашэнкі. Толькі наступныя свабодныя выбары пакажуць, які ўплыў у грамадзтве маюць палітычныя сілы, што выступаюць за дзяржаўнасьць адзіна беларускай мовы і ідуць з праграмай ейнага адраджэньня.

Ясна адно: пакуль мова ёсьць моваю сэрца, яна мае шанцы стаць таксама моваю розумаў. Пакуль беларуская мова ёсьць моваю Плошчы, яна ня траціць шанцу аднойчы стаць таксама мовай вуліцаў. Беларускія інтэлектуалы пэрыядычна выказваюць занепакоенасьць палітызацыяй мовы, ператварэньнем яе ў сьцяг пэўнай палітычнай сілы. Тым ня менш, можна канстатаваць, што пакуль беларуская мова ўспрымаецца як мова пратэсту, мова руху за нацыянальнае вызваленьне, яна здольная прыцягваць моладзь, і ў гэтым сэнсе становішча беларускай мовы сёньня нашмат больш выгоднае, чым у позьнесавецкі час. Маніякальныя намаганьні ўлады блякаваць камунікацыю між беларускамоўнай інтэлігенцыяй і грамадзтвам, выкараненьне асяродкаў беларускамоўнай асьветы і друку даказваюць, што аўтарытарная ўлада бачыць у беларускай мове інструмэнт палітызацыі, ператварэньня людзей у актыўных грамадзянаў. Яна не памыляецца. Сярод рэгіёнаў найменшы працэнт школьнікаў займаецца па-беларуску на Гомельшчыне – толькі 17 % вучняў. І менавіта ў гэтай вобласьці А. Лукашэнка на выбарах стабільна набірае найбольшы працэнт галасоў.

Лёс беларускай мовы й культуры неразрыўна зьвязаны зь лёсам дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці.

  галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва». Гэты тэкст ёсьць часткай кнігі, якую рыхтуе Ўсходнеэўрапейскі дэмакратычны цэнтар і якая мае выйсьці ў студзені 2007-га.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/08